«І ўсё мілагучна для слыху майго…”

На факультэце замежных моў прайшоў традыцыйны конкурс  чытальнікаў пад назвай «І ўсё мілагучна для слыху майго…”. Яго арганізатарам, як заўсёды, стаў выкладчык сучаснай беларускай мовы – Леанід Пятровіч Кузьміч. У склад журы ўвайшлі:  намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце  - Нарбут Алена  Міхайлаўна, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце - Захарава Марына Сяргееўна  і  старшы выкладчык – Садоўская Алена Дзмітрыеўна. З прывітальным словам да прысутных звярнулася дэкан факультэта Сажына Алена Уладзіміраўна.
 
У конкурсе прынялі ўдзел студэнты першага курса. У аўдыторыі гучалі творы такіх знакамітых беларускіх паэтаў, як Янка Купала, Пімен Панчанка, Кандрат Крапіва, Рыгор Барадулін і іншых. Сям’я, каханне, Бацькаўшчына, Вялікая Айчынная вайна – гэта асноўныя тэмы, якія закранулі чытальнікі. Некаторыя ўдзельнікі вызначаліся арыгінальнасцю падачы вершаў. Напрыклад, Ірына Чуб выканала песню на верш Ніла Гілевіча “Калі рана ўстанеш” пад свой акампанемент, а Уладміра Гуменнікава прадставіла ўласны пераклад верша “Чыста ў маёй галаве” рускай паэтэсы Серафімы Ананасавай.
 
Падчас конкурса таксама праходзіла выстава малюнкаў “Любімае слова маёй мовы”,  дзе першакурснікі выказалі свае адносіны да найцікавейшых, на іхні погляд, беларускіх слоў. Хтосьці намаляваў тое, што ён паважае (мова, каханне), хтосьці – тых, каго он любіць (маці, сябар), а хтосьці – тое, чаго яму не хапае ў жыцці (адпачынак, цішыня, спакой).
 
Пасля ўсіх выступаў журы вызначыла пераможцаў конкурса, якімі сталі Качава Вольга, Абросава Аляксандра і Чуб Ірына. Яны, як і ўсе ўдзельнікі, былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі і падзячнымі лістамі. 
 
Вольга Качава, студэнтка 1 курса факультэта замежных моў
Яндекс.Метрика