“Дзень адчыненых дзвярэй”-2019

23 сакавіка ў нашым універсітэце праводзіўся “Дзень адчыненых дзвярэй”. Перад пачаткам сустрэчы былі арганізаваны студэнцкія інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх кожны факультэт прадстаўляў сябе. Філалагічны факультэт прадстаўлялі студэнты 1-2 курса – Анастасія Шарнікава, Паліна Заўтрыкава (РФ-31), Яўген Пархоменка (БФ-21), апранутыя ў беларускія і кітайскія народныя касцюмы, якія зацікавілі абітурыентаў правядзеннем інтэрактыўнай віктарыны з прызамі і магчымасцю авалодаць стараславянскім пісьмом.
 
У рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы з розных школ, гімназій і каледжаў Гомеля і вобласці і нават суседніх абласцей: ДУА “Сярэдняя школа №17 г. Гомеля імя Франсіска дэ Міранды”, ДУА “Сярэдняя школа №44 г. Гомеля імя М.А. Лебедзева”, ДУА “Сярэдняя школа №30 г. Бабруйска”, ДУА “Гімназія №3 г. Бабруйска”, ДУА “Маркавіцкі дзяцячы сад – сярэдняя школа”, УА “Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж”, УА “Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С. Выгоцкага”, некаторыя вучні прыехалі з бацькамі і настаўнікамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэс навучання ў цэлым, размеркаванне і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М. Палуян, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце А.А. Кастрыца, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў. Цікавую і змястоўную прэзентацыю факультэта падрыхтавала і прадэманстравала ініцыятыўная група студэнтаў у складзе Аліны Мельнікавай (РФ-41) і Мікіты Малашкова (РФ-31).
 
Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта.  Вучняў правялі па кабінетах і музеях факультэта, дзе яны пазнаёміліся з цікавымі звесткамі аб жыцці і дзейнасці факультэта.
 
Загадчык кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н. прафесар І.Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучням у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.
 
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!
Арцём Стрыжак,
дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства
Яндекс.Метрика