11 сакавіка у Славянскай бібліятэцы г. Гомеля адбылося мерапрыемства пад назвай “Паэзія роднага слова”, у якім разам з д.ф.н., прафесарам кафедры рускай і сусветнай літаратуры, прафесарам Новак В.С. прынялі ўдзел студэнты 3 курса спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. Вячаслаў Лагвінец і Арцём Савуцін, якія падрыхтавалі прэзентацыю, прысвечаную беларускім паэтам, пазнаёмілі з кароткімі звесткамі пра іх жыццё і творчасць, цікавымі біяграфічнымі фактамі. Парадаваў той факт, што вядучыя аднесліся з высокай ступенню адказнасці да падрыхтоўкі сцэнарыя мерапрыемства, выявілі свой высокі творчы патэнцыял. Добрае ўражанне пакінула іх выключнае валоданне беларускай літаратурнай мовай. У выкананні іншых студэнтаў групы АС-36, якія таксама стараліся прадэманстраваць багацце паэтычнай палітры твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц і інш., сакавітае роднае слова набывала розныя інтанацыйныя адценні гучання. Надзвычай патрыятычна годным было выступленне Віталя Нікіцюка, які натхнёна прачытаў уласна напісаны верш, прысвечаны малой Радзіме.
Напрыканцы паэтычнай вечарыны супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі ўсім прысутным прыняць удзел у літаратурнай віктарыне.