ТАКІХ ЗЕМЛЯКОЎ ВАРТА ВЕДАЦЬ

12 снежня стала для жыхароў Хойнікшчыны асаблівым днём. Адбылася раённая навукова-практычная канферэнцыя «Іосіф Антонавіч Гашкевіч – гонар нашай малой радзімы», прысвечаная памяці выдатнага лінгвіста, прыродазнаўца, дыпламата, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча. Ён вядомы таксама як аўтар японска-рускага, карэйска-рускага і мангольска-рускага слоўнікаў, лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі за выдатны ўклад ў развіццё навукі, філантроп і мецэнат. Іосіф Гашкевіч нарадзіўся амаль 205 гадоў таму назад на Хойніцкай зямлі, у в. Стралічава Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Да сённяшняга часу яго імя мала вядома ў беларускім грамадстве, таму мэтай канферэнцыі было ўвекавечанне памяці Іосіфа Антонавіча Гашкевіча.

Ініцыятарам канферэнцыі выступіла раённае метадычнае аб`яднанне настаўнікаў гісторыі Хойніцкага раёну (кіраўнік, настаўнік гісторыі сярэдняй школы №1 – Н.М. Амельчанка і настаўнік гісторыі сярэдняй школы №2 – У.М. Смольскі).

Запланаваная канферэнцыя праводзілася ў рамках сумеснага праэкта валанцерскага атрада «Памяць» ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Хойнікі» і гістрарычнага факультэта УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны»

Удзел у юбілейных мерапрыемствах прынялі вучоныя-гісторыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдаты гістарычных навук, дацэнты В.А. Міхедзька і С.Ф. Верамееў, метадыст Гомельскага каледжа-філіяла установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарта», ураджэнка в. Стралічава Т.У. Ярмольчык, благачынны Хойніцкай царкоўнай акругі, настаяцель царквы Праабражэння Гасподня в. Сялец Брагінскага раёна іерэй Расціслаў Бандарэнка, а таксама настаўнік гісторыі сярэдняй школы №3 С.В. Бельскі. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася старшыня аддзела адукацыі, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Л.М. Тупіца.

Удзельнікі канферэнцыі спярша наведалі тое месца ў аграгарадке Стралічава, дзе знаходзіўся дом І.А. Гашкевіча, а таксама сустрэліся з вучнямі мясцовай школы. Пасля гэтага у будынку раённага краязнаўчага музея адбылося паседжанне, на якім было агучана некалькі дакладаў, прысвечаных розным аспектам жыццёвага шляху і дзейнасці нашага славутага земляка. У прыватнасці, ішла гаворка пра месца нараджэння І.А. Гашкевіча, пра яго бацьку – Антона Іванавіча Гашкевіча, які быў настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў в. Стралічаве, пра «alma-mater» будучага дыпламата і навукоўца – духоўную семінарыю ў Слуцку і інш. Былі ўзгаданы і іншыя славутыя ўраджэнцы Хойнікскай зямлі, імёны якіх заслужана занялі пачэсныя месцы ў гісторыі, прычым не толькі беларускай. Вучні, якія прысутнічалі на канферэнцыі, а таксама ўсе жадаючыя атрымалі буклеты з біяграфічнымі звесткамі аб І.А. Гашкевічу, распрацаваныя і ласкава прадастаўленыя Т.У. Ярмольчык.

Да юбілейнай даты супрацоўнікі музея падрыхтавалі адпаведкую экспазіцыю. Азнаеміцца з якой маюць магчымасць жыхары і госці горада.

Канферэнцыя пераканаўча раскрыла шматграннасць асобы Іосіфа Антонавіча Гашкевіча і велізарнасць той навуковай і культурнай спадчыны, якую ён пакінуў нашчадкам. Таму заканамерным стала прыняцце ўсімі ўдзельнікамі зваротнага лісту да раённага кіраўніцтва з канкрэтнымі прапановамі адносна ўвекавечання памяці нашага славутага земляка.

 

Яндекс.Метрика