Гавары са мной па-беларуску!

10 снежня на базе ДУА “Гімназія № 36 г. Гомеля імя Івана Мележа” па ініцыятыве Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбыўся чарговы абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 9 – 11 класаў школ г. Гомеля і Гомельскай вобласці. У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны: прафесары Ляшчынская В.А. і Мельнікава А.М., дацэнты  Воінава А.М., Паплаўная Л.В., Цімашэнка Н.П., Шведава З.У. Старшынёй конкурсу абрана В.А. Ляшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар.

Конкурс праходзіў у два туры. Першы тур – “Выкажы сваю думку” – заключаўся ў падрыхтоўцы тэксту вуснага выказвання на адну з прапанаваных тэм, адзначаных у картках (на падрыхтоўку прамовы адводзілася 5 мінут). Другі тур – “Разважанне аб…” – заключаўся ў падрыхтоўцы ўласнага разважання на прапанаваны афарызм, цытату мудраца ці ўрывак з мастацкага твора.

Вынікі конкурсу прадэманстравалі найперш добрае валоданне вучнямі нормамі беларускай літаратурнай мовы, шырокае выкарыстанне радкоў вершаваных твораў беларускіх мастакоў слова ў якасці цытат для падмацавання думкі, палажэння выказвання і інш., уменне ствараць тэкст выступлення на зададзеную тэму, што з’яўляецца паказчыкам добрай работы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў школе. Можна пажадаць вучням і іх настаўнікам больш увагі звярнуць на лагічнасць, паслядоўнасць выкладу выказвання, а ў некаторых выпадках на дакладнасць фактаў, на больш эмацыянальнае афармленне выказвання і самастойнасць думкі. Думаем, што конкурс “Гавары са мной па-беларуску” для ўсіх вучняў стаў набыццём вопыту выступлення перад слухачамі, а для некаторых рэпетыцыяй у падрыхтоўцы да алімпіяды.

Сярод вучняў 11 класа была праведзена прафарыентацыйная гутарка з раздачай буклетаў. Удзельнікі конкурсу і настаўнікі праінфармаваны аб зменах у правілах прыёму, спецыяльансцях і перспектывах навучання на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

  З.У. Шведава, намеснік дэкана філалагічнага

 факультэта па прафарыенатцыйнай рабоце

 

Яндекс.Метрика